АДЗІ́НКАВЫХ ПАХАВА́ННЯЎ КУЛЬТУ́РЫ,

агульная назва археал. культур, плямёны якіх з’явіліся ў Паўн. Германіі і Скандынавіі ў познім неаліце (2,5—2 тыс. г. да н.э.), а ў пач. бронзавага веку праніклі ў Прыбалтыку і на ПнЗ Беларусі (гл. Прыбалтыйская культура). Назва ад характэрных пахаванняў з адным нябожчыкам. Асн. заняткі насельніцтва — жывёлагадоўля і земляробства. Пахавальны абрад — курганныя трупапалажэнні (на гарызонце, у насыпе, яме). Пашыраны каменныя баявыя сякеры і гліняны посуд, арнаментаваны адбіткамі шнура; гэта звязвае адзінкавыя пахаванні культуры з комплексам шнуравой керамікі культур.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)